ГОМАЛАГІ́ЧНЫХ РАДО́Ў ЗАКО́Н зменлівасці, паралелізм у спадчыннай зменлівасці роднасных груп арганізмаў. Сфармуляваны М.І.Вавілавым (1920) на падставе вывучэння зменлівасці прыкмет у відаў і родаў злакаў і інш. сямействаў культ. раслін сусв. генафонду. Паводле гомалагічных радоў закону, чым бліжэй па паходжанні віды паміж сабой, тым большае падабенства (гамалогія) у зменлівасці іх прыкмет. Гэтыя заканамернасці даюць магчымасць прадказаць існаванне ў прыродзе адпаведных формаў ці прадбачыць магчымасць атрымліваць іх штучна. Выкарыстоўваючы гомалагічных радоў закон, Вавілаў выявіў цэнтры паходжання культ. раслін, дзе сканцэнтравана найб. разнастайнасць спадчынных формаў. Прыкладам практычнага выкарыстання гомалагічных радоў закону ў селекцыі з’яўляецца стварэнне аднанасенных сартоў цукр. буракоў. Гомалагічных радоў закон пацверджаны ў мікраарганізмах і жывёлах, у якіх вызначаны паралелізм зменлівасці марфал. і біяхім. прыкмет.

т. 5, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)